Previous Entry Share Next Entry
Свята 90-годдзя Аўтаноміі Эстонск. Апост. Праваслаўнай Царквы, рэгіён Сэтума і спяваючы мітрапаліт
drygwa

З Польскай аўтакефаліі — у Эстонскую аўтаномію

Кожнае лета ў мяне звычайна здаралася Падзея… то мора, то горы, то цікавыя семінары-спатканні. Думала, зусім жыццё маё асірацела – ні мора, ні семінараў тым летам яшчэ не было, тым больш ніякіх гор. Але вылавіць мяне з глыбінь усядзённасці ўдалося палякам. Перад выездам у Эстонію на святкаванне 90-годдзя аўтаноміі, дзякуючы мясцовым праваслаўным, я з задавальненнем паплавала ў польскамоўным літургічным абшары Варшавы. Вынырнуўшы з натхняючага ўсяхрамнага «амінь, амінь, амінь» падчас анафары, я пагрузілася ў аўтобус да Таліна. «Каково будет целовеніе сіе»?..

“До Таллинна далеко? — Уже даллекко!”

“До Таллинна далеко? — Уже даллекко!”
Tallin old town

Талін

Віталі мяне на беразе Балтыкі цёпла - сустракала асабістая памочніца мітрапаліта Стэфана. Яна ж прагуляла маю сціплую асобу па старым Таліне, і я пабачыла, такі, мора. Потым мяне накармілі ў папулярным экзатычным кафэ, якое знаходзіцца ў былым будынку савецкага закрытага завода (штосьці падобнае да нашага Newton, дзе леташняй зімой мы рабілі калядную вечарыну).

Раніцой мы выправіліся ў мітраполію з неафіцыйным візітам. Мітраполія ЭАПЦ Канстанцінопальскага Патрыярхату месціцца ў такім нічо сабе будынку, які з усіх дамоў у шэрагу вуліцы вылучаецца толькі крыжам на даху. Праўда, раён не самы горшы, як лічыць беларус Сяргей Мудроў, што вандруе па заходняй Еўропе і піша нарысы пра праваслаўную царкву там. Ён напісаў і артыкул датычна кананічных пытанняў Праваслаўнай Царквы ў Эстоніі, і ўзяў інтэрвію у абодвух кіраўнікоў аўтаномнай Эстонскай Царквы - ”маскоўскага” і “канстанцінопальскага”. Коратка кажучы, у Эстоніі дзве кананічныя царквы (кананічны нонсэнс!), адна належыць да Маскоўскага Патрярхату, другая — да  Канстанцінопальскага. Хаця інтэрвію (па спасылцы) з мітрапалітам Стэфанам (Хараламбідзісам) нейкае куцае… і падаецца надта эмацыйным і бескампрамісным праз вялікую колькасць клічнікаў, помню, мітрапаліт казаў: «Я гатовы з’ехаць, каб толькі засталася адзіная царква ў Эстоніі, не раз пра гэта гаварыў, але Масква не хоча…». Аўтаномію, якую Эстонская Апостальская Праваслаўная Царква атрымала ад Канстантынопаля ў 1923 г. прызнаюць усе памесныя Праваслаўныя Цэрквы. Акрамя Масквы. Хаця нават Масква, урэшце, дала Эстонскай Царкве аўтаномію, хаця прыходаў там разоў у
дзесяць меней, чым у Беларусі.

Супрацоўнікі епархіі, а асабліва супрацоўніцы, выглядаюць нетыпова для звыклага нам праваслаўнага дрэс-коду і фэйс-кантролю, доўгіх спадніц і хустак ні разу не заўважыла – джынсы, жакеты, макіяж. На «царкоўнікаў» з люлькай ніхто коса не глядзіць, толькі ўражаныя дзяўчаты з Беларусі прыглядаюцца да экзатычнай карцінкі: манах хобіцкага выгляду з барадой, папыхвае такі люлькай, пакручваючы на руцэ чоткі.  З “ліберальных жахаў” заўважаны таксама лаўкі ў царкве і прыбіральня ў прытворы. Відаць, свабоды чалавеку там зашмат, не паспявае адчуць сябе рэлігійна зашуганым. Як гаворыцца ў эстонскай прымаўцы, «у маленькім ляску часта – вялікія зайцы». Але гэта былі яшчэ зайчыкі, «вялікія зайцы» чакалі наперадзе. У лясах рэгіёна Сэтума, дзе і адбываўся Ортафэст.

Check-in - Вярска, школа

Туды я адправілася на аўтобусе ў інтэрнацыянальнай кампаніі. За некалькі гадзін язды толькі назвы кшталту «Adavete», «Kalme» і «Tartu» нагадвалі, што мы ў Эстоніі, – нейк падавалася, што да болю знаёмая дарога з лясамі-палямі.

Дыслакацыяй ўдзельнікаў Ортафэсту была школа ў пасёлку Вярска (Värska), невялічкім населеным пункце рэгіёну Сэтума (у ім жыве народнасць setu), зусім недалёка ад мяжы з Расеяй (Пячоры).

Shkola u Varska, vonkavy vyhliad.

Школа ў Вярсцы

Школа як школа, дзякуй Богу, нішто не нагадвала пра строгі школьны савецкі педагагізм.

lesvica u szkole

Школа ў Вярсцы

А фіранкі ў холе, дзе адбывалася большасць сустрэч-размоў, дык і наадаварот былі на беларускі густ антысавецкімі — бел-чырвона-белымі, і выклікалі шматлікія патрыятычныя усмешкі.

Прыемнага было многа – у т.л. вай-фай ва ўсім будынку. І ўвогуле, нейк зусім проста ў Эстоніі з бясплатным інтэрнэтам. У вёсцы ля дарогі я бачыла шыльдачку з надпісам пра зону бясплатнага доступу да інтэрнэту. Дробязь, а прыемна… Помню, як мяне прыемна здзівіла такая ж шыльдачка ва львоўскім трамвае, які выглядаў як рарытэтна-музейны экспанат мінскага трамвайнага дэпо. А інтэрнэту, нават платнага, у мінскіх гарадскіх камунікацыях, як вядома, нэту.

Заячы хлеб

Вай-фай вай-фаем, а абед згодна з раскладам. «Зайцы» ўсё раслі і раслі. Сяк-так удзельнікі, нераззнаёмленыя, стомленыя кожны сваёй непаўторнай няблізкай дарогай, сабраліся ў сталоўцы. Малітва. Эстонскі і грэчаскі епіскапы (мітрапаліт Стэфан і мітрапаліт Месагейскі Мікалай (Хадзініколау) стаяць наперадзе перад іконамі, народ спявае па-эстонску «Ойча наш», у якім са знаёмых мне слоў было толькі «амінь», але мелодыя пазнавальная славянскаму вуху. Малітва заканчваецца, усе разварочваюцца на 180 градусаў – у чаргу за ежай. І двое сівых дзядзечак-епіскапаў аказваюцца ў яе хвасце. Ніхто не рыпнуўся «прапусціць уладык наперад» (не кажучы пра асобна сервіраваны стол з меню класам вышэй, чым астатнім), яны спакойна размаўлялі між сабой і амаль апошнімі селі за стол… «Якія вялікія зайцы, -падумалася мне, і мне яны падабаюцца, даўно такіх не бачыла». Дарэчы, падчас вячыры ці абеду мітрапаліт Стэфан звычайна адкрываў каробачку шакаладных цукеркак і з задавальненнем разносіў усім гасцям. «Оў, — зноў думалася мне – сапраўдныя зайцы, яны такія».

Пасля позняга абеда ўсіх аператыўненька скіравалі ў мясцовы музей народнай культуры і побыту. Сядзібы, сараі, нават жывёла ўтрымліваецца. Мы паспелі ўжо к канцу цікавага канцэрта народнай музыкі, жанчынкі з народа сэтума спявалі на сваёй мове доўга і натхнёна, таньчылі.

muzej u Varska

Канцэрт у музеі

Праграма ўсе дні была настолькі насычанай, што думаць пра вай-фай не было калі. Хіба што аднаго не хапала – запампаваць разам з фотаздымкамі ў камп’ютар і атмасферу…

Еўхарыстыя як крытэр нармальнасці

Усё ў нармальным царкоўным жыцці будуецца вакол Еўхарыстыі. Думаю, усю атмасферу святкавання юбілея аўтаноміі гэтай царквы можна з упэўненнасцю назваць нармальнай. Аўтаноміі — як аддзеленасці чалавека ад усёй літургічнай супольнасці там якраз не было.

Уявіце сабе – царква пры могілках. Прастольнае свята. Усе родныя на яго збіраюцца, з’ехаліся літаральна з усяго свету – у тым ліку і з-за акіяна.

Na mogilkach, u nacyjanalnaj vopratcy

На могліках каля царквы

Група інтэрнацыянальных гасцей прыехала разам з мітрапалітам. Ідзем, а могілкі ўжо як разварушаны мурашнік – усе прыбіраюць магілы, фарбуюць помнікі, вітаюцца. А потым ідуць у царкву. Якім вялікім было мае здзіўленне (пасля нашай вясковай рэчаіснасці, дзе прычасце — не часта), калі прычашчалася нязлічная колькасць людзей! Потым у размове з мітрапалітам Стэфанам краналіся пытання пра «еўхарэстычную пабожнасць». Ён сказаў, што з цягам часу, ад таго моманту, калі ён прыехаў у Эстонію, змяніўся падыход да выхавання прыхаджан наконт удзелу ў Таемствах.  Давялося рабіць семінары са святарамі, многа з імі працаваць, праз іх паступова ўводзячы «нармальнасць» царкоўнага жыцця з рэгулярным прычашчэннем і адвучаючы людзей ад споведзі перад кожнай Літургіяй… Здавалася б – у нашых вёсках такія ж бабулькі, людзі з большага «простыя», але ў пераважнай большасці выпадкаў да «нармальнасці» нават у беларускіх гарадах, не кажучы пра вёскі, нажаль, яшчэ далёка… Мітрапаліт Стэфан прыехаў у Эстонію чатырнаццаць год таму…

Вясёлыя могілкі

Як кажуць, «memento mori» — вернемся на могілкі ў рэгіён Сэтума. З Літургіі пачалося святкванне Прастольнага свята. Шчыра кажучы, даўно не была на Літургіі, падчас якой за хадой падзеяў можна сачыць толькі па рухах і музычных матывах, паколькі не разбіраеш знаёмых словаў, акрамя “амінь” і “алілуя”. Служылі па-эстонску і на мясцовым дыялекце рэгіёна Сэтума, частку службы праваслаўныя госці-ўзельнікі гэтага свята спявалі па-фінску, па-французку. Часам прабіваліся екценні па-славянску. Адно мяне павесяліла – што на францускай, што на фінскай, што на эстонскай – праваслаўная «папса» музыкальнага рэпертуара, што, канешне, нядрэнна і дазваляе вуху выхапіць пачатак “Херувімскай”.

Пасля Літургіі людзі разыйшліся па могілках, уселіся там ля магіл родных на лаўках… і пачалі абедаць, размаўляць, спяваць. Такія ўсе прыгожыя – у нацыянальнай вопратцы-вышыванках. Люба глянуць… І ва ўсёй гэтай сітуацыіі пра «язычніцкія традыцыі» ўжывання ежы на могілках нават думкі не было – у маім успрыняцці рэчаіснасці гэта было проста працягям Трапезы… Літургіяй пасля літургіі.

Пачастункі каля магілаў продкаў

Пачастункі каля магілаў продкаў

Але без “забабонаў”, канешне, не абышлося, і нават стойкія анты-забабоншчыцы беларускай дэлегацыі не ўтрымаліся, каб ручайкам не падлезці пад каменны крыж пятнаццатага стагоддзя, які неслі ў час хрэснага ходу да магілы мясцовага святара-навамучаніка.

Каменны крыж 15 стагоддзя

Каменны крыж 15 стагоддзя

Пакуль жадаючыя лавілі шчасце і чакалі чаргі, каб падлезці пад крыжом, я шукала чаго-небудзь прыдатнага для спажывання ўнутр. І як жа было прыемна знайсці марожанае «хатняга» прыгатавання пад брамай могілак. Пасля марозіва, з новымі сіламі, я (як заўсёды) несанкцыявана пацягнулася на званіцу.

Saatse. Carkva

Званніца

Колькі было для мяне нечаканасцяў у гэты дзень – не пералічыць, але я таксама стала нечаканасцю для мясцовых, ад душы названілася.  Званы там проста «вах», старыя…

Пасля абеда свята працягвалася. Пачаліся танцы. Самыя натуральныя. Народныя. З гармонікам. Я была ўраджана – умеюць граць нават маладыя дзяўчынкі, як і заліхвацкі таньчыць, спяваць.

Dziauczyna z garmonikam

Дзяўчына з гармонікам

У народа сэту захавалася многа аўтэнтыкі, якая чамусьці вельмі нагадвала родную палескую. Так і падбівала на думкі – ой, а ў нас таксама штосьці падобнае ёсць… Шкада, стрымала сябе і не далучылася да танцаў, асабліва калі пачалі танцаваць
падыспань.

Танцы

Танцы

Сэтума

Пасля Прастольнага свята гаспадары Ортафэсту павязлі нас па Сэтума. Пабачылі і цэрквы, і саляныя пячоры з папуляцыяй кажаноў, пабывалі ў вышэйшай кропцы
рэгіёна Сэтума. Самі эстонцы характэрызуюць яго як спецыфічны рэгіён, дзе людзі зусім іншыя і па характару, і ў адносінах – ў адрозненні ад іншых эстонцаў. Сэттума доўга не прызнаюць «чужакоў», адзін адному дапамагаюць. Цікава, што менавіта гэты рэгіён – найбольш «праваслаўны», прычым, з даўняй гісторыяй, стагоддзя з XV- XVI. Язычнікі-сэту, якія збеглі ў свой час ад крыжакоў на ўсход, з цягам часу прымалі храсціянства «усходняй рэдакцыі». Тым больш, што блізкая адлегласць ад Пскова-Пячорскага манастыра таксама, думаецца, паўплывала на рэлігійныя густы мясцовага насельніцтва.


Што яшчэ мяне ўразіла і парадавала – змястоўнасць казанняў і прамоў. Мітрапаліт Стэфан гаварыў такія рэчы, пра якія так даўно хацелася пачуць – не пра «ролю царквы ў грамадстве і дзяржаве», а пра ролю Хрыста ў жыцці чалавека… Мітрапаліт Мікалай — пра законы духоўнага жыцця, свой досвед сустрэчы са святымі людзьмі. Цікава, што ён паходзіць зусім не з “клерыкальнага бэкграўнду”, навуковец, фізік, доктар навук, выкладчык вядомых амерыканскіх універсітэтаў, пакінуў кар’еру, дзеля таго, каб стаць простым манахам на радзіме, у Грэцыі. Але і ў Царкве Бог яго кар’ерай не абдзяліў.

Мітрапаліт Мікалай

Мітрапаліт Мікалай

Але, па сутнасці, ён так і застаўся простым манахам і інтэлігентным чалавекам, без такога часта уласцівага праваслаўным іерархам спалучэння агрэсіі і ружовай сентыментальнасці.

Толькі фольк, толькі хардкор!

Апошні вечар у Вярсцы быў самым вясёлым. Пасля сур’ёзных размоў, пытанняў, расказаў пра мясцовыя традыцыі, даследванні, быў шыкоўны вечар. Усе госці спявалі/таньчыла народна-дамашнія нарыхтоўкі. Фіны як заўсёды, прыемна здзівілі сваім проста неабмежаваным задорам, незакаплексаванасцю і ў той жа час дзіцячай шчырасцю. У «паравозіку»-польцы скакаў нават фінскі святар.

Танцы

Беларусы, сіламі Рамана Яраша і Юлі Літвінавай падрыхтавалі таксама сваю праграму з карагодамі. У якой, праўда, без «Купалінкі», не абышлося (яе спраўна падспеўвалі палякі). Больш за ўсё мне спадабаўся эспромт ад Мітрапаліта Стэфана – развучванне дзіцячай песенкі “у мяне памёр пеўнік” ці «ў кока памёр папугай» :) .

Літургія і гласалалія

Carkva u Varska

Царква ў Вярсцы

А Літургія была…. сама што ні на ёсць Бажэственная.  Ніколі раней я не была на такой: маліліся на розных мовах – на мове сэту і цігрын’я, па-эстонску, па-француску, па-руску, па-грэцку, па-фінску, па-англійску, па-польску, па-беларуску, па-славянску, урэшце. Захапленне. Асабліва ўразіла спяванне/чытанне «Ойча наш» на ўсіх мовах, якія ведалі ўдзельнікі літургіі.

Liturgia.

Літургія

Дадому праз зараслі баршчавіка

Нажаль, адразу пасля Літургіі беларускія ўдзельнікі Ортофэсту былі вымушаны кіравацца да мяжы з Расеяй. Дарога дадому была нялёгкая, затое вясёлая. Усё пачалося з таго, што ўсім штампанулі ў пашпарт пячатку пра ўезд у Расею. «Саюзная дзяржава»… Затое на памежнай запраўцы было беларускае марозіва. Уздоўж «дарог» Пскоўскай вобласці пужалі сваім апантаным выглядам зараслі баршчэўніка, спёка не давала ўтульна даспаць недаспаныя ночы ў Вярсцы. Але, такі, да Мінска даехалі. Глыбокай ноччу. Праспект сустракаў нас ілюмінацыяй у гонар гасцей 1025-годдзя Хрышчэння Русі, на літургію з нагоды якой мы вырашылі паспець на наступную раніцу.

Перад самым знакам «Мінск» дарогу нашай машыне перайшоў дзік. «Вось, — падумалася мне – дома, эта наша Радзіма, сынок… чэм дальшэ ў лес, тым таўсцей партызаны». А так хацелася, каб гэта былі зайцы… Хаця б адзін :) . І каб да Таліна было недалёка.

Відэа і фотаздымкі: Дзьмітры Галко, Наталля Васілевіч, Аня Міхальчук

http://ecumena.by/?p=169 - тут фота больш якаснае. 

?

Log in

No account? Create an account